15 чэрвеня ў Магілёве прайшоў кінапаказ фільмаў Чарлі Чапліна ў суправаджэнні жывой музыкі.
Паказ адбыўся на «Летняй сцэне» музея Бялыніцкага-Бірулі па вуліцы Ленінскай пры падтрымцы фестывалю «Кінемо» . Магілёўцы паглядзелі кароткаметражныя фільмы Чапліна «У гадзіну ночы», «Дзень зарплаты», «Імігрант». Перад самімі фільмамі арганізатары зладзілі лекцыю пра гісторыю кіно, пра лепшыя фільмы эпохі і выбітных кінаактораў і рэжысёраў, якія стаялі ля вытокаў кінаіндустрыі.
У гэты вечар, прысвечаны 130-годдзю Чарлі Чапліна, наведнікаў музея так сама чакала невялікая мастацкая выстава пра знакамітага коміка. Можна было нават намаляваць свайго Чапліна - стваральнікі выставы падрыхтавалі мальберты і чыстыя аркушы з алоўкамі. А пакуль народ збіраўся ды зручней уладкоўваўся да прагляду, арганізатары імпрэзы цешылі слых магілёўцаў музыкай з сапраўдных вінілавых кружэлак.
Самі фільмы Чапліна дэманстраваліся пад жывую музыку, напісаную менавіта пад іх. Музыку для праекту напісалі беларускія кампазітары Вольга Падгайская і Віталь Эпаў. Выконваў яе сталічны ансамбль Five-Storey Ensemble: Віталь Дарашук (сапрана саксафон), Вольга Падгайская (фартэпіяна, перкусія, варган), Аляксандр Хумалай (бас гітара, перкусія).
Наступны кінапрагляд у падобным «калямузейным» фармаце абяцаюць правесці ў першых чыслах ліпеня, сачыце за абвесткамі.
Для цікаўных - стрым з лекцыі можна паглядзець на маім ФБ facebook.com/AliesSabalieuski/videos/2396754290404434/?t=1