У магілёўскім Музеі этнаграфіі (вул. Першамайская, 8) 5 чэрвеня адкрылася выстава-прэзентацыя фотаальбому «Горад, які быў». Фотавыстава будзе цікавая магілёўцам усіх узростаў, бо людзям дарослым і сталым заўсёды прыемна ўзгадаць такія родныя куточкі горада, большай часткай страчаныя ці вельмі змененыя, а моладзі – паглядзець, якім быў Магілёў, як змяняўся, параўнаць з сённяшнім ды падумаць, як зрабіць яго лепшым. На выставе і ў фотаальбоме магілёўскія фатографы паспрабавалі аднавіць візуальную памяць пра Магілёў – якім ён быў, як змяняўся, як успрымалі сам горад і яго змены жыхары. Але гэта кніга – не проста фотаальбом. Акрамя фотаздымкаў, якія парой рабіліся проста як шараговыя рэпартажныя кадры, ці наадварот – менавіта каб зафіксаваць нешта, ужо амаль страчанае, у кнізе сабраны ўспаміны магілёўцаў пра той час і горад, пра свае адчуванні і думкі, пранесеныя праз гады і адрэфлексаваныя ў сучаснасці. Аўтар ідэі і ўкладальнік фота кнігі – вядомы фатограф, журналіст, гісторык і проста патрыёт свайго горада Аляксандр Ліцін, а ўсяго ў выданні сабраныя фотаздымкі, успаміны і разважанні прыкладна трыццаці аўтараў. Набыць кнігу-фотаальбом можна ў кнігарнях гораду. За фота з імпрэзы ўдзячнасць Ганне Маклаковай